Веснавыя падарожжы «Крынічкі»

У бярозы — смачны сок.
Апранаецца лясок,
Ды блакітныя пралескі
Прачынаюцца на ўзлеску.
Сонейка смяецца!
Як пара завецца?
Красавіцкія заняткі студыі «Крынічка» — гэта падарожжы ў свет адноўленай прыроды. Маладая зялёная траўка, птушкі, што вярнуліся з выраю, кветкі, якія першымі зірнулі на свет… Навокал столькі дзівосаў, што назіраць за імі можна бясконца! І нашы дзеткі робяць гэта з ўвагай і захапленнем.
На заняткі па тэме «Вясна ў лесе і ў горадзе» завіталі самі Сакавік, Красавік і Май, ролі якіх так  удала атрымаліся ў нашых маленькіх прыгажунь! Разам з месяцамі вясны мы «садзілі» дрэвы і кветкі, «дапамагалі» птушкам знайсці свае гнёзды, падбіралі колеры для веснавога неба, сонейка, маладзенькай траўкі. Давялося нам пабыць і мастакамі, якія па-майстэрску валодаюць фарбамі, і мастакамі слова. А «веснавых» слоў было шмат! Падабраць прыметнікі да слоў «траўка», «кветка», «сонейка» і інш., высветліць, чаму менавіта так называюцца месяцы вясны, расказаць пра змены ў прыродзе і аб надвор’і, якое чакае нас на наступным тыдні… Дарэчы, «дыктары» для рубрыкі «Прагноз надвор’я» ў нас даўно ўжо ёсць: тэму мы вывучалі яшчэ ўвосень, а зараз  «прагнозы» зайгралі новымі фарбамі. Яно і не дзіўна — вясна! 🙂 А якое падарожжа без вясёлай гульні? У нас іх шмат: «Куркі і ліс», «Гусі-гусі», «Мышаня і кот» і, нават, «Каляровыя цукеркі». Не ведаеце, як у іх гуляць? Далучайцеся, будзем гуляць разам!