Студия «Крынiчка»

Вывучэнне беларускай мовы і авалоданне навыкамі маўлення на матэрыялах фальклору і аўтарскіх казак.

Можна шмат гаварыць пра карысць ведання роднай мовы, а можна проста размаўляць па-беларуску.

Разумець і карыстацца беларускай лексікай — такую асноўную  мэту ставіць перад сабой наша студыя.

Да чаго яшчэ мы імкнемся? Паказаць дзецям  хараство і  актуальнасць беларускай мовы, пашырыць «асабісты слоўнік»  кожнага з дзетак, папоўніць веды аб нашай краіне і яе культурных здабытках, навучыць выкарыстоўваць новыя словы і  выразы падчас гульні і праз гульню. У гэтым нам дапамагае  багацце беларускага фальклору,  разнастайнасць аўтарскіх казак і распрацовак. Ёсць і яшчэ адзін сакрэт — гэта фантазія саміх дзетак, якія  (мы упэўнены у гэтым!) з задавальненнем  ствараюць цудоўныя гісторыі. Магчымасць ператварыць  літаратурны матэрыял у вясёлыя сцэнкі і  тэатралізаваныя міні-пастаноўкі  заўсёды выклікае сапраўдную «вяселку эмоцый» у дзетак і іх бацькоў, развівае артыстычныя здольнасці, фарміруе густ. А самае галоўнае — дорыць дзецям упэўненасць у сабе і любоў да роднага слова.

Чым мы займаемся?

Чытаем, абмяркоўваем, ствараем «сітуацыйныя мадэлі»; удзельнічаем у  міні-пастаноўках, падчас якіх і вучымся, і дэманструем дасягненні; запамінаем (вершы, забаўлянкі, чыстагаворкі,  прыказкі, прымаўкі, казкі, гульні); сачыняем, адзначаем каляндарныя святы, гуляем.

Прыходзьце да нас, і разам  мы здзейснім  падарожжа да сур’ёзных ведаў  праз вясёлую гульню!