Зімовыя святы

Надышоў чароўны час, калі кожны вечар здаецца казачным. У другой палове снежня ўсе мы з задавальненнем пачынаем рыхтавацца да Новага года: дзеткі пішуць лісты Дзядулі Марозу, дарослыя ненадоўга вяртаюцца ў дзяцінства і разам з дзецьмі ствараюць «хатнія» дзівосы. Менавіта ў адзін з такіх чароўных снежаньскіх вечароў і адбылося наша свята, якое мы назвалі радкамі з верша: «Сіні вечар, белы снег».

Пад музыку і мільгаценне навагодніх агеньчыкаў у наш клас уварвалася сапраўдная завіруха! Танец са «снежкамі» спадабаўся ўсім, таму што рухі можна было прыдумаць проста падчас танцу. Ды і хто не любіць гуляць у снежкі! А расказваць міні-вершы па- беларуску, дэманстраваць свае артыстычныя здольнасці — гэта і ўвогуле нашы любімыя заняткі 🙂 Нават падчас свята можна прадэманстраваць свае веды: не даць «замарозіць» сябе, правільна перакласці слова, не памыліцца ў назвах і парадку дзён тыдня. А з якім натхненнем маленькія артысты паказваюць мініяцюры ў нашым Тэатры лялек! Гледачы, не шкадуючы далоняў, падтрымліваюць таварышаў, каб потым памяняцца і таксама адчуць сябе «на сцэне».  А зіма тым часам не стаіць на месцы: вось яна ўжо «прыскакала з колкім ветрыкам у санках ледзяных». Каб не змерзнуць, трэба ўдзельнічаць у вясёлых музычных гульнях, атрымліваць сюрпрызы і чакаць неверагодную навагоднюю ноч…